belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Вызвалены Аляксандр Ярашэвіч.

18-го мая пасля 12-ці сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю журналіст нашага Беларускага Радыё Рацыя Аляксандр Ярашэвіч. Аляксандра Ярашэвіча затрымалі 6-га траўня пасля таго, як каля ізалятара на Акрэсціна ён сустракаў тых, хто выходзіў на волю пасля арыштаў за “Чарнобыльскі шлях”. Разам з ім затрымалі блогера Дзмітрыя Галко.

Абодвух пазней абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, ды асудзілі на 12 і 10 сутак адпаведна. Пры тым, што ў судзе адзін з міліцыянтаў фактычна прызнаўся ў фальсіфікацыі аднаго з пратаколаў.

Раней БПЗ асудзіў арышт журналіста. Першы намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Юрый Глушакоў у каментары Радыё Рацыя выказаў пратэст з нагоды пераследу Аляксандра Ярашэвіча. Паводле палітыка, улады прадказальна дзейнічаюць у рэпрэсіўным рэчышчы ў дачыненні да людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Юрый Глушакоў:- Насамрэч падставай для затрымання сталіся менавіта перакананні Аляксандра. Ён мне асабіста вядомы як грамадскі актывіст, меўшы дачыненне да экалагічнага руху. А яшчэ ён з'яўляецца неабыякавым грамадзянінам і прафесійным журналістам. Думаю, што менавіта ягоная актыўная жыццёвая пазіцыя і левыя перакананні сталі падставай для такіх дрэнных падзеяў, якія з ім адбываюцца.

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных