belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Зялёныя прапануюць рэфармаваць Чарнобыльскі шлях

Адкрыты ліст Беларускай Партыі Зялёных на адрас аргкамітэту Чарнобыльскага Шляху 2013

26-га красавіка ў Мінску пройдзе чарговы Чарнобыльскі Шлях (ЧШ).. Беларуская Партыя Зялёных (БПЗ) заклікае сваіх актывістаў далучыцца да акцыі, хоць раней партыя вырашыла не браць удзел у працы аргкамітэце мерапрыемства.

Такое рашэнне звязана з тым, што падрыхтоўчая работа па фарміраванні аргкамітэта і яго ідэалагічныя ўстаноўкі практычна такія ж як і ў ранейшыя гады. У сілу гэтага, хутчэй за ўсё, цяперашні Марш наўрад ці будзе кардынальна адрознівацца ад маніфестацый апошніх гадоў, мадэль якіх відавочна патрабуе карэкціроўкі.

Асноўная праблема Чарнобыльскага маршу звязана на наш погляд з тым, што ЧШ ўспрымаецца ў грамадстве як акцыя палітычнага, а не экалагічнага характару. Яе ўдзельнікамі ў асноўным з'яўляецца актыў апазіцыйных партый і прадстаўнікі моладзевых палітызаваных субкультур. Эстэтыка маніфестацыя хутчэй партыйна-палітычная. Эколагі, праціўнікі АЭС, якіх у грамадстве шмат, часта адчуваюць недавер да акцыі, успрымаючы яе як акцыю вузкапартыйную або  асабістага піяру.

Для таго, каб Марш выклікаў больш шырокі грамадскі рэзананс, на наш погляд неабходна кардынальная рэформа падрыхтоўкі маршу, карэкцыя яго іміджу і мэсыджаў.

Рэформа ЧШ можа ўключаць у сябе наступныя пункты:

- Адмова ад прывязкі да «апазіцыйнага календара», калі аргкамітэт фармуецца пасля Дня волі, што мімаволі дазваляе разглядаць Марш як працяг, рэмейк 25 сакавіка. На наш погляд аргкамітэт ЧШ мог бы фарміравацца за некалькі месяцаў да 26 красавіка і за кошт сваёй актыўнага прысутнасці ў СМІ надаць будучай акцыі імідж галоўным чынам экалагічнага мерапрыемства.

- Удзельнікамі аргкамітэта павінны быць актывісты і прадстаўнікі арганізацый, якія паслядоўна стаяць на экалагічных пазіцыях, нізавыя экалагічныя грамадзянскія ініцыятывы. Як мінімум патрабуе тлумачэння пазіцыя некаторых арганізацый, якія удзельнічаючы ў ЧШ, але у прынцыпе не супраць развіцця ў краіне сектара атамнай энергетыкі або арыентуюцца на Народную Партыю (Еўрапейскі інтэрнацыянал кансерватыўных партый) - галоўны лобі «мірна атама» у ЕС,

- Адмова ад выкарыстання падчас маршу партыйнай, рэлігійнай і нацыянальнай сімволікі. На наш погляд павінен дамінаваць канкрэтны сацыяльна-экалагічныя пасыл - супраць будаўніцтва БелАЭС., супраць рэвізіі наступстваў Чарнобыля, супраць парушэння экалагічных правоў грамадзян.

- Адмова ад выступаў падчас мітынгу лідэраў палітычных партый і палітызаваных ініцыятыў.

Прапануем аргкамітэту выказацца па нашых прапановах і стварыць пляцоўку для іх абмеркавання. Думаецца, не ў каго няма сумневаў наконт таго, што адкрытая і сумленная размова аб новым фармаце ЧШ наспела. Калі гэтыя прапановы БПЗ камусьці здаюцца дыскусійнымі, мы адкрытыя да дыялогу

Нягледзячы на агучаныя крытычныя заўвагі, мы яшчэ раз заклікаем усіх прыхільнікаў экалогіі, падтрымаць Чарнобыльскі шлях 2013 і яго асноўнай блок патрабаванняў да ўрада: «Спыніць будаўніцтва АЭС, зняць грыф сакрэтнасці з інфармацыі пра наступствы Чарнобыля, аднавіць ільготы ахвярам аварыі».

Прэс служба Беларускай Партыі Зялёных