belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

“Зялёныя” - за адмену аплаты праезду ў грамадскім транспарце

Старшыя БПЗ Алег Новікаў распавёў радыё Рацыя як Зялёныя бачаць рашэнне транспартнай праблемы.

Кошты на праезд у грамадскім пасажырскім транспарце будуць паступова павялічвацца. Пра гэта неаднаразова заяўлялі дзяржаўныя чыноўнікі. На думку эканаміста Антона Болтачкі, такія паўмеры не прывядуць да паляпшэння сітуацыі ў транспартнай сістэме. Па яго словах, дзяржава мусіць даць магчымасць людзям зарабляць, а грамадскі транспарт мусіць быць прыватызаваны.

- Калі гэтыя дзве ўмовы будуць выкананыя – гэта, па-першае, калі людзі будуць атрымоўваць дастойны заробак, а па-другое, калі ім будуць прадастаўлены якасныя паслугі, якія па кошце адпавядаюць рыначнаму кошту, гэта значыць, попыту насельніцтва, тады можна казаць пра тое, што праблема будзе вырашана.

З такім спосабам рэфармавання траспартнай сістэмы нязгодныя прадстаўнікі Беларускай партыі “Зялёныя”. Яны прапануюць увогуле адмяніць аплату за праезд. Па словах лідара беларускіх “Зялёных” Алега Новікава, адмена аплаты за праезд станоўча адбіваецца на гарадской экалогіі, паколькі змяншаецца колькасць асабістых аўтамабіляў і павялічваецца колькасць экалагічна чыстых трамваяў, тралейбусаў і іншых відаў транспарту.

-Тым больш, што ёсць прыклады нават у Беларусі, у Мікашэвічах. Праезд у гарадскім транспарце фінансуецца за кошт гарадскіх уладаў і прадпрыемстваў. І ніякай катастрофы ў гэтым няма. І Мікашэвічы не выключэнне. Талін адмяніў аплату праезда ў мінулым годзе. У Днепрапятроўску гэта існуе яшчэ з савецкіх часоў.

Па словах Алега Новікава, пры бясплатным праездзе адсутнічае неабходнасць вырабу квіткоў і праязных, а таксама кантролю пасажыраў у транспарце, што дазваляе адмовіцца ад выкарыстання турнікетаў у метро ды ад працы кантралёраў.

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёныя