belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Беларуская матрыца

Служба Польскае радыё для замежжа папрасіла Алега Новікава, старшыню БПЗ, зрабіць іранічны каментар наконт серыі збояў ў сыстэмах дзяржустаноў у Беларусі.

Нагодай стала гучная справа, калі памежнікі не выпусьцілі з краіны каардынатара незалежнага назіраньня за выбарамі Віктара Карніенку. Ён накіроўваўся ў Вену на канфэрэнцыю АБСЭ. Аднак грамадзкі дзеяч туды ня трапіў – яго прозьвішча апынулася ў банку дадзеных МУС аб грамадзянах, права якіх на выезд з краіны часова абмежаванае. У судзе Віктар Карніенка даведаўся, што ніхто яму выезд замяжу не забараняў, гэта вынік памылкі – збою сыстэмы ў Міністэрстве Юстыцыі. Падобнае даведаліся праваабаронцы Андрэй Бандарэнка з інфармацыйна-асветніцкай установы «Плятформа» ды намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Каментар Алега Новікава: "Тэорыя таго, што машыны набудуць сьвядомасьць даўно абмяркоўваецца ў навуковай фантастыцы. У вядомай трылёгіі Матрыца паказаны нават бунт машын, якія ўсталёўваюць кантроль над чалавецтвам. Таму ў гэтым пляне ў нас нічога рэвалюцыйнага не адбылося. Абсалютна натуральная тэндэнцыя, калі кампутар выходзіць з-пад кантролю чалавека ды разьвівае сваю сьвядомасьць. Можна толькі павітаць, што яна ў іх патрыятычная. Але, у прынцыпе, калі пачынаецца такі працэс, то канчатковай кропкай зьяўляецца поўны захоп машынамі ўлады над чалавецтвам. У гэтым пляне машыны могуць разглядаць нашую уладу, як тактычных саюзьнікаў, але ў стратэгічным пляне -- не. У машын няма нацыянальнасьці – гэта сапраўдны інтэрнацыянал".

Крыніца: Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных