belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Арабская вясна - прагрэс або рэакцыя?

Роўна год назад бурныя падзеі ахапілі шэраг краін Блізкага і Сярэдняга Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. У шэрагу СМІ яны атрымалі назву «арабскай вясны», ці «арабскіх рэвалюцый».

Аднак зводзіць  усе пратэсты да чагосьці агульнага было б некарэктна – у кожным рэгіёне пратэстныя выступы маюць сваю спецыфіку, да таго ж вельмі ўскладненую інтэрвенцыяй вонкавых сіл. Каментар Юрыя Глушакова, намесніка старшыні БПЗ.

Юрый Глушакоў:  "У адных арабскіх краінах можна казаць пра народныя паўстанні, якія завяршыліся, праўда, толькі фармальнымі пераваротамі і ўсталяваннем ваеннага рэжыму (Егіпет), фармальнай ліберальнай дэмакратыяй, што забяспечыла прыход да ўлады ісламістаў  (Туніс), касметычным рэфармаваннем  манархіі (Марока)  або ўзмацненнем жорсткасці рэпрэсій з боку існых улад пры поўнай абыякавасці «сусветнай супольнасці» (Емен, Аман, Бахрэйн і інш.). У іншых жа выпадках гаворка ідзе пра прама рэакцыйныя перавароты.

Напрыклад, менавіта такога роду падзеі адбываюцца сёння ў Лівіі. Тут, пад выглядам барацьбы з «дыктатурай», адбылося грубае вонкавае ўмяшанне ў справы суверэннай рэспублікі, вынікам чаго стала крывавая грамадзянская вайна. Лік яе ахвяр ужо перавысіла 50 000 чалавек. Сярод іх большасць складаюць мірныя грамадзяне, забітыя як падчас баявых дзеянняў, так і ў выніку «чыстак», якія праводзяцца па палітычных і расавых матывах.

Сёння міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі шматлікія парушэнні праў чалавека, якія мелі месца на тэрыторыі, кантраляванай ісламісцкімі "інтегрыстамі". Тут іх ўзброенымі фармаваннямі ажыццяўлялася масавае знішчэнне і пераследы ў стаўленні працоўных мігрантаў з чорнай Афрыкі, якія носяць характар этноцыду.  Тут адзначаны шматлікія выпадкі масавых пазасудовых пакаранняў смерцю прыхільнікаў Джамахирыі. Так, надоечы праваабарончая арганізацыя «Хьюман Райтс Вотч» распаўсюдзіла інфармацыю пра выяўленне ў Сірце 52 целаў забітых "кадафістаў".  Масавы характар набылі рабаванні і гвалты ў стаўленні мірных жыхароў  у захопленых «паўстанцамі» гарадах.

24 кастрычніка так званая «Пераходная Нацыянальная Рада» (ПНР) заявіла пра ўвядзенне ў краіне законаў шарыяту, пра дазвол шматжэнства, пра пазбаўленне жанчын права на развод. Уводзяцца шматлікія іншыя абмежаванні.  Фактычна жанчынам і мужчынам  забаронена збірацца разам, і нават «вітаць» ПНР. .

Падобная рэстаўрацыя сярэднявечных парадкаў можа казаць толькі пра глыбока рэакцыйны характар перавароту, які адбыўся ў Лівіі. Ні пра якія тэмы  аднаўлення «дэмакратыі» і «праў чалавека» гаворка тут не ідзе. Пад прыкрыццём «гуманітарных» лозунгаў у краіне ладзіць свята дзікасць і самаўпраўнасць.  Рэлігійны фундаменталізм і тэрарыстычныя дзеянні новага рэжыму, які спрабуе павярнуць гісторыю назад, выклікаюць  глыбокае абурэнне".

Крыніца: Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных