belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Зялёныя за "Рыбу"

Некалькі сяброў Партыі Зялёных удзельнічаюць у ініцыятывы дзеячоў культуры, якія плануюць з дапамогай творчага конкурсу выратаваць ад магчымага закрыцьця краму "Рыба" на вуліцы Карла Маркса, 26 у Менску.

Прадстаўнікі гарадзкіх уладаў пакуль што не даюць канкрэтнага адказу, што будзе з крамай "Рыба". Маўляў, гэты аб'ект трапляе ў другую чаргу рэканструкцыі. Пытаньні капрамонту і перапрафіляваньня - гэта кампэтэнцыя гарадзкіх уладаў.

На вуліцы Карла Маркса ўжо не працуюць іншыя невялікія крамы. Да прыкладу, "Прадукты" ці былыя "Каўбасы". На дзьвярах шыльды - "Рамонт". Затое адчыненыя дарагія бутыкі і ювэлірныя салёны.

Усё гэта адбываецца непадалёк ад крамы "Рыба", помніка архітэктуры і дызайну савецкіх часоў, які ўпрыгожваюць фрэскі з выявамі рыб. У звароце дзеячы культуры заяўляюць, што ў выніку рэканструкцыі першых паверхаў будынкаў на вуліцы Маркса яна ператвараецца ў камэрцыйную турыстычную зону.

Лёлiк Ушкiн сказаў: "Калі цэнтар будзе толькі бутыкі і дарагія крамы, то гэта моцна парушыць форму камунікацыі паміж людзьмі. І фактычна цэнтар становіцца проста для багатых людзей. І тое, што праводзіць Лукашэнка ў цэнтры Менску, - гэта урбаністычная рэвалюцыя, якая парушае дэмакратычны стыль гораду"

Лёлік Ушкін занепакоены лёсам крамы "Рыба": "Фактычна, гэта адзіны пункт, які застаўся для камунікацыі людзей, што ня маюць шмат грошай, а іншыя проста хочуць кантактаваць у прыемнай атмасфэры, у моладзевай, студэнцкай, альтэрнатыўнай. Там часта зьбіраюцца аматары мастацтва. У любым выпадку, гэта месца, дзе было прыдумана вельмі шмат культурных праектаў".

Аўтары заявы заклікаюць літаратараў, мастакоў прысьвяціць краме або прадстаўнікам рыбнага сьвету мастацкі твор. І потым маюць намер выдаць зборнік, які стане аргумэнтам у абарону крамы "Рыба". Акрамя таго, створаны адмысловы сайт РыбаSOS!

Пад зваротам падпісаліся паэт Зьміцер Плян, кампазытар Макс Вільветаў, паэт і мастак Зьміцер Вішнёў, паэт і кампазытар Ярыла Пшанічны, а таксама Лёлік Ушкін.