belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Анастасія Дарафеева: «Тэмы АЭС баяцца больш, чым фальсыфікацыі выбараў»

Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева кажа, што падчас запісу праграмы ў яе было адчуваньне поўнага сюррэалізму:

«Сядзяць сур’ёзныя, разумныя людзі, вядучы — палітоляг, і нясуць такую лухту пра празрыстасьць і дэмакратычнасьць выбараў! Было сьмешна, але і сумна.

Але мне падалося, што тэмы фальсыфікацыі выбараў баяцца менш, чым тэмы АЭС. Бо кавалак з таго, што я казала пра выбары, яшчэ пакінулі. А вось пра АЭС — выразалі.

Справа ў тым, што я прыйшла на запіс праграмы ў майцы з надпісам „Не — Астравецкай АЭС“. Палітоляг Вадзім Баравік зрабіў мне заўвагу пра майку: „Вы што, хочаце пакінуць рабочых бяз працы?“ Я распавяла, што зь цяжкасьцю ўдалося зрабіць на майцы прынт. У цэнтры „Карандаш“ адмаўляліся друкаваць такі тэкст, маўляў, ёсьць распараджэньне ўзгадняць надпісы. Дарэчы, пасьля запісу першай часткі праграмы з-за майкі вывелі з трыбуны, дазволілі глядзець працяг запісу ў асобным пакоі. Ну, і ўсё, што я казала пра АЭС — выразалі, канкрэтна, груба затыкалі мне рот. Калі ўважліва глядзець праграму, рэплікі пра АЭС засталіся, адчуваецца, што быў грубы мантаж.

Але вядоўцу Вадзіма Гігіна я яшчэ магу зразумець, а вось Алег Гайдукевіч паводзіў сябе як правакатар: крычаў, фактычна заглушаў выступоўцаў. Тое самае магу сказаць і пра палітоляга Вадзіма Баравіка.

Але я лічу, што ў такіх ток-шоў трэба браць удзел. Сёе-тое сказаць удалося. Разумныя людзі ўсё разумеюць».

паводле  http://www.svaboda.org/