belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Рашэнне Сейма Літвы – у жыццё!

Сваю падтрымку рашэнню Сейма Літвы пра бяз'ядзерную стратэгію развіцця выказалі ўдзельнікі Беларускай антыядзернай кампаніі, куды уваходзіць Беларуская партыя «Зялёныя»,

Яны распаўсюдзілі адпаведны адкрыты зварот, адрасаваны прэзідэнтам і ўрадам Літвы, Беларусі і Расіі.

Яшчэ 18 снежня літоўскі парламент прыняў рэзалюцыю «Пра рэалізацыю вынікаў кансультатыўнага рэферэндуму па пытанні будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі ў Літоўскай Рэспубліцы», якая прапануе ўраду распрацаваць бяз'ядзерную стратэгію энергазабеспячэння Літвы, а таксама адпаведныя праекты прававых актаў.

У тэксце адкрытага звароту Беларускай антыядзернай кампаніі, у прыватнасці, гаворыцца: «Такія стратэгіі з'яўляюцца жыццёва неабходнымі і павінны былі папярэднічаць дыскусіі пра выбар энергетычнай палітыкі краіны, паколькі грамадзяне маюць права на бяспечнае бяз'ядзернае навакольнае асяроддзе».

Удзельнікі Беларускай антыядзернай кампаніі ўпэўнены ў тым, што будучыня – за па-экалагічнаму чыстымі, узнаўляльнымі крыніцамі энергіі, да якіх не прыналежыць атамная энергетыка. Яны адзначаюць, што Літва, услед за ФРГ, Італіяй, Аўстрыяй і іншымі краінамі Еўропы паказала сваім суседзям – Расіі і Беларусі, што пасля Чарнобыля і Фукусімы атамная энергетыка з'яўляецца непрымальным палітычным выбарам, а эканамічныя разлікі, праведзеныя ў Германіі і Літве толькі пацвердзілі гэта.

«Мы лічым, што ўрады Беларусі і Расіі па прыкладзе еўрапейскіх краін павінны падаць сваім грамадзянам бяспечны бяз'ядзерны выбар. Мы заклікаем урады Беларусі і Расіі спыніць будаўніцтва АЭС, у прыватнасці –канструкцыю Астравецкай атамнай электрастанцыі, якое было пачата без архітэктурнага праекта і неабходных узгадненняў», - гаворыцца ў тэксце звароту.

Прэс-служба Беларускай партыі “Зялёныя”