belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

“Прыгоннае права” – лагічнае следства кантрактнай сістэмы

Заява прэс-службы Беларускай Партыі Зялёных з нагоды Дэкрэту № 9 "Пра дадатковыя меры па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці"

7 снежня 2012 года  быў апублікваны Дэкрэт Прэзідэнта РБ № 9 пра ўвядзенне абавязковай кантрактнай сістэмы найму на дзевяці прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці. 

Мы не станем даваць юрыдычнай ацэнкі гэтаму дакументу, паколькі яго прававая экспертыза не з'яўляецца нашай кампетэнцыяй. Ва ўмовах беларускай рэчаіснасці большае значэнне мае яго сацыяльны аналіз. 

У незалежных СМІ гэты нарматыўны акт атрымаў назву "Дэкрэту пра прыгоннае права". Можна сказаць, што на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў  вектар грамадскага  руху на постсавецкай прасторы сапраўды павернуўся назад. Адкат па шляху сацыяльнай рэакцыі адбываецца цяпер паўсюдна. Таму  няма нічога дзіўнага   ў тым, што і ў нашай краіне, услед за апетым ліберальнымі тэарэтыкамі  досведам капіталізму  XIX стагоддзя,  могуць ужывацца і  феадальныя практыкі.

У аснову цяперашняга дэкрэту таксама пакладзена кантрактная сістэма, якая была вынайдзеная, між іншым, у рамках неаліберальной "гнуткай" сістэмы наймання. Толькі ў нашых рэаліях яе аднабаковая гнуткасць і выгода для працадаўцы была ўдасканалена і  падмацавана механізмамі  мясцовага адміністрацыйнага  прэсінгу. Чыста рынкавай з'яўляецца і дадатковая мера па "стымуляванні"  працоўных-дрэваапрацоўшчыкаў - у выпадку самавольнага звальнення з "дэкрэтаваных" прадпрыемстваў яны будуць абавязаны вярнуць налічаныя ім за гэты час грашовыя надбаўкі.

Відавочна адно - сэнс падобнага закабалення наёмных працаўнікоў асабліва эканамічны. У апошні час пазбаўленыя магчымасці аб'ядноўвацца ў незалежныя прафсаюзы і змушаныя працаваць за мізэрныя зарплаты, нашы рабочыя  замест законнай барацьбы за свае правы пратэставалі супраць падзення свайго заробку пасіўна - масавымі звальненнямі, ад'ездам на працу  ў Расію і іншыя рэгіёны.  Зараз іх спрабуюць пазбавіць і гэтай пасіўнай формы супраціву. Замацаванне працоўных і адмыслоўцаў  за прадпрыемствамі можа дазволіць наймальніку і ў далейшым  змяншаць кошт  працоўнай сілы і, адначасова, павялічваць свае прыбыткі.

 Пасля таго, як велізарныя грашовыя ўліванні ў дрэваапрацоўчую галіну былі  растрачаны без відавочнай карысці для яе мадэрнізацыі, усю адказнасць  бюракратыі і камерцыйных структур хтосьці паспрабаваў перакласці на простых працоўных. Але чаму працоўныя калектывы павінны адказваць за, мякка кажучы, неэфектыўнае кіраўніцтва свайго начальства?

Падобнае рашэнне, якое апроч таго, што ставіць пад пагрозу асноўныя правы беларускіх рабочых, не можа прывесці да рашэння нават тэхнічных задач, якая стаіць перад дрэваапрацоўчай галіной - да паспяховага завяршэння  мадэрнізацыі і павелічэнне вытворчага патэнцыялу прадпрыемстваў.  Ніколі ў гісторыі прымусовая праца не была і не можа быць паспяховай.

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных