belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Ад мяжы да Астравецкай АЭС ляцець пяць хвілін

Беларуская партыя "Зялёныя" выказвае глыбокую заклапочанасць з нагоды яшчэ аднаго сведчання высокай ступені небяспекі наяўнасці АЭС на сваёй тэрыторыі, як прывабнага аб'екта для тэрарыстычнага нападу.

Пасля псіхічнага нападу і "жахлівага" бамбавання плюшавымі мішкамі суверэннай беларускай зямлі, якую, па сведчаннях інтэрнэт-рэсурсаў, ажыццявілі раніцай чацвёртага ліпеня швецкія лётчыкі, становіцца жудасна за наступствы магчымага «авіяналёту» на будучую беларускую АЭС. Ад дзяржаўнай мяжы да будучай АЭС самалёт падобнага класа зможа даляцець літаральна за некалькі хвілін і калі б з яго скідваліся не плюшавыя мядзведзікі, а штосьці больш небяспечнае, то эвакуацыя Вільнюса і другі Чарнобыль сталі б фактам рэальнасці.

Расійскія канструктары беларускай АЭС самаўпэўнена сцвярджаюць, што будучая станцыя тэарэтычна можа вытрымаць падзенне малога аднаматорнага самалёта. Несанкцыянаваны палёт шведцкіх мядзведзікаў яскрава паказаў, што падобнае выпрабаванне можа перастаць быць гіпатэтычным. Але хто сёння гатовы ператварыць Беларусь у палігон для выпрабавання трываласці вонкавага корпуса АЭС? Калі б за штурвалам апынуліся б не шануючыя жывёл шведы, якія дарэчы, засведчылі гуманізм і клопат пра плюшавыя цацкі, бо яны скідаліся з самалёта на парашутах (падчас правядзенні акцыі ніводная жывёла не пацярпела), а фанатычныя і жорсткія тэрарысты, то небяспека чарговай ядзернай катастрофы некалькі азмрачыла б смак святаў з нагоды Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Беларуская партыя "Зялёныя" заклікае да неадкладнай адмовы ад планаў па будаўніцтве АЭС у рэгіёне (Астравецкая АЭС, Вісагінская АЭС, Балтыйская АЭС). Наяўнасць АЭС на тэрыторыі краіны - гэта відавочны прабел ў сістэме нацыянальнай бяспекі і патэнцыйная тэрарыстычная пагроза. Мы цвёрда і паслядоўна выступае "Супраць" новых АЭС і "За" бяз'ядзерны рэгіён.

Крыніца: Прэс-служба Беларускай партыі "Зяленыя"