belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Зялёная эканоміка ці атамная энергетыка

Беларуская Партыя Зялёныя прадставіла свае заўвагі да праекта Указу пра экалагічную "зялёную” эканоміку

6 сакавіка Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя накіравала на ўзгадненне ва ўсе зацікаўленыя органы дзяржаўнага кіравання праект Указу Прэзідэнта "Пра пазіцыю Рэспублікі Беларусь у стаўленні да экалагічнай "зялёнай" эканомікі"

Мінпрыроды запрасіла прадстаўнікоў грамадскасці таксама прыняць удзел у падрыхтоўцы дадзенага дакумента і прапанаваць свае заўвагі і прапановы да 11 сакавіка.

Вельмі шкада, што грамадскасці дадзены гэтак кароткі тэрмін для занясення прапаноў і заўваг. Асабліва з улікам святочных і выходных дзён. Чаму дзяржорганы могуць на працягу месяца даць адказ на запыты грамадскасці, а тут грамадскасці дадзены толькі некалькі дзён?

У любым выпадку Беларуская партыя "Зялёныя" вітае і падтрымлівае дадзеную ініцыятыву дзяржавы. У сваім лісце на адрас Мінпрыроды Зялёныя выказалі сваё бачанне перспектыў зялёнай эканомікі ў Беларусі. Ніжэй даецца тэкст паслання.

"Беларуская партыя "Зялёныя" вітае дэкларуемыя намеры пра імкненне Рэспублікі Беларусь сфармуляваць і выпрацаваць пазіцыю ў стаўленні да "зялёнай" эканомікі ў якасці важнага сродку забеспячэння ўстойлівага развіцця і экалагічнай бяспекі. Але разам з тым, партыя выяўляе глыбокую занепакоенасць магчымасцю выкарыстання "зялёнай" рыторыкі для прыкрыця дзеянняў, якія супярэчаць прынцыпам "зялёнай" эканомікі.

На падставе рэкамендацый ЮНЕП (Экалагічная Праграма ААН - адмысловы орган, які займаецца экалагічнай палітыкай пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый), мы прапануем надаць адмысловую ўвагу наступным кірункам:

- энергаэфектыўнасці ў будаўніцтве;

- узнаўляльным крыніцам энергіі, уключаючы энергію ветра, сонцы, біямасу;

- устойліваму развіццю транспарта;

- захаванню экалагічнай інфраструктуры, у тым ліку прэсных вод, лясоў, балотаў.

- устойлівай сельскай гаспадарцы, у тым ліку арганічнай вытворчасці.

Цяпер тэкст праекта "Пазіцыі Рэспублікі Беларусь у стаўленні экалагічнай "зялёнай" эканомікі" з'яўляецца проста дэкларацыяй пра намеры і ўсяго толькі падставай для падрыхтоўкі выступу на канферэнцыі ААН па ўстойлівым развіцці "Рыа+20". Для таго каб гэты важны дакумент стаў доказам сур'ёзнасці намераў пра пабудову "зялёнай" эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь мы рэкамендуем уключыць у яго пункт пра безумоўную і беззваротную адмову ад развіцця атамнай энергетыкі на тэрыторыі Беларусі на карысць развіцця энергетычнай эфектыўнасці і выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі, а таксама пазначыць іншыя асноўныя кірункі развіцця зялёнай эканомікі, паколькі ўсе яны з'яўляюцца ўзаемазлучанымі.

Іншымі словамі, краіна якая дэкларуе намеры ажыццявіць пераход да "зялёнай" эканомікі, па вызначэнні не можа развіваць атамную энергетыку і будаваць АЭС на сваёй тэрыторыі.

Таму мы рэкамендуем  выказаць першы абзац праекта "Пазіцыі Рэспублікі Беларусь у стаўленні экалагічнай "зялёнай" эканомікі" ў наступнай рэдакцыі: "Рэспубліка Беларусь разглядае "зялёную" эканоміку ў якасці важнага сродку забеспячэння ўстойлівага развіцця і экалагічнай бяспекі і мае намер прымаць паслядоўныя меры па ўкараненні "зялёных" (экалагічных) прынцыпаў у сістэме нацыянальнай эканомікі, а таксама развіваць энергаэфектыўнасць і ўзнаўляльныя крыніцы энергіі замест развіцця атамнай энергетыкі".

Прэс-служба Беларускай Партыі "Зялёныя"