belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Грамадская думка vs палітыная воля

6-8-га снежня ў Вільнюсе прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Атамная энергетыка – выклік навакольнаму асяроддзю, здароўю чалавека, эканомікі і праву”, адной з арганізатараў была Беларуская Партыя “Зялёныя”. Рэпартаж Вольгі Хвоін, журналіста газеты Новы Час.

Літва катэгарычна супраць будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Па словах  прадстаўніка Літоўскага зялёнага руху, Беларусь не завершыла працу па інфармаваню суседзяў аб будаўніцтве АЭС, што мусіць быць зроблена згодна з Орхусскай канвенцыяй. Тым часам дамоўленасці аб выдзяленні Беларусі грошай на будаўніцтва АЭС ужо дасягнутыя

Па інфармацыі пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, Беларусь атрымлівае расейскі крэдыт для будаўніцтва АЭС на ільготных умовах. “Плануюцца стаўкі, па крайняй меры, ніжэй, чым сёння грэчаскія ці італьянскія даўгавыя абавязальніцтвы. Па-мойму, па стаўцы 5 працэнтаў з невялікім ў першыя пяць гадоў. Гэта значыць крэдыт ільготны , добры”, -- мяркуе дыпламат. Паводле яго слоў, канчатковы кошт будаўніцтва АЭС будзе вызначаны пасля правядзення ўсіх дзяржаўных экспертыз. Цяпер праходзіць дзяржэкспертызу праект калінінградскай Балтыйскай атамнай станцыі, пасля чаго з улікам беларускіх умоў размяшчэння станцыі будзе пралічаны канчатковы яе кошт.

На будаўніцтва станцыі Расія выдзяляе Беларусі звязаны дзяржаўны крэдыт на суму да 10 млрд. Долараў.  АЭС. Згодна з умовамі крэдытавання, Расія аплаціць 90 працэнтаў кошту будучай АЭС, астатнія 10 працэнтаў будуць прафінансаваныя беларускім бокам. Крэдыт будзе выкарыстоўвацца на працягу 10 гадоў -- тэрмін будаўніцтва АЭС, пасля чаго будзе пагаршацца на працягу 15 гадоў. Першапачаткова кошт будаўніцтва станцыі ацэньваўся ў 3,5 млрд долараў, потым называлася лічба ў 4 млрд. еўра, і нават да 12 млрд долараў.

Плануецца, што АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў агульнай магутнасцю да 2,4 тыс. МВт. Генпадрадчык будаўніцтва АЭС, расійская кампанія “Атамбудэкспарт”, заявіла аб гатоўнасці запуску першага энергаблока ў 2017 годзе. Другі блок АЭС плануецца запусціць у 2018 годзе. Эксплуатуючай станцыю арганізацыяй прызначаная Дырэкцыя будаўніцтва АЭС.

Праціўнікі будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі тлумачаць, што для пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС краіны, атамная станцыя – гэта аграмадная дадатковая рызыка. А рэактар, які мяркуецца усталяваць на станцыі, не мае практычнага прымянення і будзе ўпершыню задзейнічаны на беларускай АЭС.

Асабліва негатыўна намер Беларусі пабудаваць атамную станцыю успрымае Літва. Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ўсяго ў 50 кіламетрах ад Вільні. Ян Хаверкамп, дарадца па пытаннях палітыкі Грынпіс, на міжнароднай канферэнцыі ў Вільні “Ядзерная энергетыка – праблемы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, эканомікі і заканадаўства” заявіў, што цяпер атамнага рэнесансу ў свеце няма і быць не можа. А той факт, што ў балтыйскім рэгіёне ёсць шэсць праектаў АЭС, уключна з беларускай, паказвае на “адрыў ад глабальнай плыні”. Хаверкамп паведаміў, што “Грынпіс звярнуўся ў Еўрапейскія структуры для правядзення стрэс-тэстаў на АЭС, што размешчаныя побач з вялікімі гарадамі. Мусіць быць зроблены аналіз на выпадак аварыйных сітуацый і магчымасцяў эвакуацыі насельніцтва”. Прадстаўнік Грынпіса мяркуе, што Беларуская АЭС можа так і не дачакацца фінішу будаўніцтва, бо ў Беларусі могуць узнікнуць праблемы з фінансваннем гэтага праекту.

Намеснік старшыні Літоўскага Зялёнага Руху Лінас Вайніус, каментуючы планы краін балтыйскага рэгіёну пабудаваць атамныя станцыі, гаворыць, што найперш грамадскасці не хапае поўнай інфармацыі аб гэтых праектах, а таксама аб магчымх альтэрнатыўных прапановах. “Цяпер уражанне, што мы вярнуліся ў часы халоднай ваны, калі на атамную энергетыку ўскладаліся вялікія спадзевы, -- гаворыць прадстаўнік “зялёных” Літвы. -- Падавалася, што пасля закрыцця Ігналінскай АЭС для рэгіёна будзе больш спакойны перыяд, але намеры будаўніцтва перакрэслілі ранейшыя спадзевы”. Літва мае намер пачаць будаўніцтва Вісагінскай АЭС на пляцоўцы Ігналінскай атамнай станцыі, якая цяпер знаходзіцца ў стадыі закрыцця.

“У Літве, па апошніх апытаннях, 90 працэнтаў насельніцтва супраць літоўскага атамнага праекта. У любым выпадку ўрад мусіць прыйсці ў Сейм з праектам закона аб канцэсіі гэтай АЭС. І літоўскі праект на гэтым можа і накрыцца. Праекты ж Беларускай і Калінінградскай АЭС звязаныя  з палітычнай воляй канкрэтных персонаў, – гаворыць Казімерас Уока, член літоўскага парламенту -- Я быў на зачыненай Ігналінскай АЭС, глядзеў колькі там адходаў, колькі будзе каштаваць яе зачніць і пеарканаўся, што атамная станцыя – самы глупы спосаб атрымаць энергію”.

Лінас Вайніўс адзначае агрэсіўную рэацыю лабістаў атамнай энергетыкі. “Мы ў Літве, нашыя калегі з  Беларусі і Расіі ведаюць, што любая крытыка АЭС успрымаецца як здрадніцтва. У гэтай атмасферы вельмі складана прваодзіць рацыянальную дыскусію. Але мы спадзяемся, пакуль не прадастаўленыя крэдыты, сітуацыю можна перагледзець”, -- гаворыць Вайніус.

Беларускія ўлады спрабавалі правесці ў Вільнюсе грамадскія слуханні па Астравецкай атамнай станцыі. Але тады ўзніклі праблемы з якасцю пераклада і прысутныя людзі выказалі пратэст такім слуханням, калі значная частка інфармацыі для іх папрсту незразумелая. “Беларускі бок мяркуе, што ўжо ўсё завершана, але літоўскі бок з гэтым янзгодны. Мы, як прадстаўнікі грамадскасці трымаемся такой жа думкі. У рэальным жыцці мы бачым, што дамовы падпісваюцца, грошы выдзяляюцца, але практыка паказвае – можна грошы патраціць, але нічога не пабудаваць, -- адзначае намеснік старшыні Літоўскага Зялёнага Руху Лінас Вайніус. -- І я б вельмі хацеў, каб беларускае грамадства не пацярпела ад гэтых задумак уладаў, вам і так хапае розных цяжкасцяў. Навошта яшчэ ўвязвацца ў такі супярэчлівы праект? Калі вы і мы пойдзем далей са сваімі атамнымі праектамі, то ўсе рэсурсы, усе сілы ўладаў будуць скіраваныя мінавата на гэта. У выніку ні палітычнай увагі, ні фізічных сілаў не хопіць, каб развіваць энэргазберажэнне, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі”.

На згаданай вышэй міжнароднай канферэнцыі быў падрыхтаваны адкрыты ліст да савету міністраў замежных спраў краін АБСЕ.  “Мы, прадстаўнікі грамадскасці, навукоўцы, эксперты і палітыкі форму еўрапейскіх краін ... заклікаем Савет міністраў АБСЕ звярнуць увагу, што ядзерная энергетыка ставіць пад пагрозу саму бяспеку насельніцтва краін АБСЕ, як у нацыянальным, так і больш шырокім міжнародным кантэксце”. У лісе ёсць заклік-просьба дапускаць грамадскасць, незалежных спецыялістаў і навукоўцаў да прыняцця адказных рашэнняў па ядзернай энергетыцы, а таксама патрабаванне да наднацыянальных структур, адказных за бяспеку навакольнага асяроддзя, ўключыць пытанне аб ядзерных энергетычных праблемах у працу АБСЕ. “Мы патрабуем, сумленную ацэнку сітуацыі ў сусветнай ядзернай энергетыцы, мы заклікаем да мараторыя на новыя ядзерныя праекты”, -- гаворыцца ў адкрытым лісце.

Крыніца: Прэс-служба Беларуская Партыя “Зялёныя”