belgreens.org: Архіў сайта з 2007 да 2020 года

Бягучы сайт тут greenparty.by

Кантракт насуперак інтарэсам народаў

Беларуская Партыя “Зялёныя” падтрымала ініцыятыву экалагічнай грамадскасці, якая накіравала ліст  у шэраг арганізацый з нагоды падпісання расейска- беларускага кантракту пра будаўніцтва БелАЭС. Прыводзім тэкст звароту

Міністру Фінансаў Расійскай Федэрацыі

Міністру замежных спраў Расійскай Федэрацыі

Дырэктару ЗАТ "Атомстройэкспорт"

Дырэктару ГУ "Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі"

Адкрыты зварот грамадскасці Беларусі і Расі з нагоды падпісання кантракту пра будаўніцтва АЭС у Беларусі

11 –га кастрычніка ЗАТ "Атомстройэкспорт" і ГУ "Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі" падпісалі Кантрактную дамову пра будаўніцтва энергаблокаў № 1 і 2 АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Кантракт падпісаны без узгаднення канчатковай сумы, а таксама да прыняцця рашэння пра вылучэнне Расійскай Федэрацыяй крэдыту на будаўніцтва Беларускай АЭС. Гэта дае магчымасць для самых разнастайных, у тым ліку, карупцыйных маніпуляцый зацікаўленых бакоў, што ставіць беларускіх падаткаплацельшчыкаў у становішча вечных даўжнікоў. Гэта асабліва адчувальна для грамадзян Беларусі ў час цяперашняга эканамічнага крызісу.

Мы, прадстаўнікі грамадскасці Расіі і Беларусі, выяўляем рашучы пратэст супраць гэтай супярэчлівай дамовы, якая робіць беларускі народ заложнікам інтарэсаў Дзяржкарпарацыі "Росатом". Дадзеная ўгода, якая закранае інтарэсы ўсіх грамадзян Беларусі і Расіі, рыхтавалася непразрыста. Так званы кантракт не быў  публічным. Ён падпісаны насуперак інтарэсам беларускага і расійскага народаў, без уліку меркавання грамадскасці, у абыход дзейснага заканадаўства і ў інтарэсах вузкай групы людзей, якія займаюць ключавыя пасты ў эшалонах улады і непасрэдна ў Дзяржкарпарацыі "Росатом".

Мы хацелі б нагадаць Вам пра тое, што праект Астравецкай АЭС рэалізуецца з шматлікімі парушэннямі. Так Камітэт па рэалізацыі канвенцыі Эспоо вядзе справу па скарзе украінскай арганізацыі "Экоклуб" і Літоўкай Рэспублікі. Камітэт па выкананню Орхускай канвенцыі 28 –га чэрвеня заявіў, што Беларусь парушыла Канвенцыю пры рэалізацыі праекта АЭС. Падчас прыняцця рашэнняў, якія тычыцца Астравецкай АЭС, ігнаравалася меркаванне грамадзян Беларусі і суседніх краін, парушаліся тэхнічныя кодэксы, нормы экалагічнай бяспекі.

У чарговы раз мы звяртаем Вашу ўвагу на той факт, што насельніцтва Беларусі з’яўляецца ахвярай Чарнобыльскай катастрофы. Таму дадатковае радыяцыйнае ўздзеянне можа прывесці да фатальных незваротных наступстваў для здароўя беларусаў. Мы папярэджваем Вас пра адказнасць за груз нявырашаных праблем з утылізацыяй ядзерных адыходаў, вываду атамных электрастанцый з эксплуатацыі. Усё гэта расійскія атамшчыкі ўзвальваюць на плечы цяперашняга і будучых пакаленняў нашых народаў.

Мы лічым недапушчальным экспарт небяспечных расійскіх атамных тэхналогій у іншыя краіны. Апошняя аварыя  на ЛАЭС-2 яшчэ раз мведчыць пра факт высокай небяспекі расійскіх атамных канструкцый.

У гэтай сітуацыі мы заклікаем Вас быць асабіста адказным, патрабуем не прымаць рашэнні пра фінансаванне дадзенага праекта.. Мы таксама настойваем на высвятленні дэталяў падрыхтоўкі і падпісання кантракту, і просім паведаміць нам пра гэта ў адпаведныя законам  Расійскай Федэрацыі тэрміны.

Акрамя БПЗ ліст падпісалі Грамадская арганізацыя "Экодом", кампанія  "Островецкая атомная - это преступление!", Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Офіс за Еўрапейскую Беларусь  і іншыя.

Крыніца: прэс-служба Беларускай Партыі “Зялёныя”